Ася Поплавская (paplauskaja) wrote in lit_krytyka,
Ася Поплавская
paplauskaja
lit_krytyka

  • Mood:

Рэцэнзія Асі Паплаўскай на кнігі Пятра Васючэнкі ("Піраміда Ліннея", "Каляровая затока")

Па “Пірамедзе Ліннея” — у “Каляровую Затоку”боўць!

“У мяне добрая імя: Пятро-вядро-метро… і дабро!” — пажартаваў Пятро Васючэнка на прэзентацыі сваёй кнігі “Ад тэксту да хранатопа”. Наконт вядра ды мятра не ўпэўненая, а вось добро — дакладна пра Пятра Васільевіча. Калі вы бачылі яго быццам крыху стомленную постаць, вялікія акуляры і добрую, бы вінаватую, усьмешку, тады вы мяне зразумееце. А калі яшчэ й казкі ягоныя чыталі…

Пятро Васільевіч для мяне — аўтарытэт. У першую чаргу як выкладчык, літаратуразнаўца, крытык. На семінары па старажытнай беларуская літаратуры, якія вёў у нас, будучых журналістаў, Пятро Васільевіч, варта было хадзіць хаця б дзеля таго, каб паслухаць, як выкладчык (тады яшчэ я ня ведала, што ў ім хаваюцца пісьменнік, драматург, казачнік, крытык, навуковец…) расказвае пра Барысавы камяні, што на Полаччыне (пасля прыйшло веданне таго, што надпісы на камянях — пятрогліфы — сталі асобным і асабістым жанрам Пятра Васючэнкі. Дарэчы! Імя “Пётр” азнае нішто іншае як камень. То бок пятрогліфы — надпісы на камені — ужо ніякі тапор ня возьме) ці пра “Лабірынты” Ластоўскага…

Незадоўга да заліку набыла ў кнігарні яго кнігу “Адлюстраванні першатвора” (літаратура ў філалагемах і пятрогліфах). Падумала тады яшчэ: “Цікава… Пятро Васільевіч піша! Ды яшчэ нейкія філалагемы выдумаў…” Зараз гэта ўзгадваецца з усьмешкай, ды й чытаецца кніга па-іншаму… А кніга гэтая, дарэчы, пачала раскрываць для мяне шматгранную асобу выкладчыка. Пасля былі “Беларуская літаратура і свет”, напісаныя ў суаўтарстве з Лявонам Баршчэўскім ды Міхасём Тычынам, п’еса для падлеткаў “Рыцар Ордэна Сонца”…

 Лінней, бестрыярый, кузуркі і іншыя (-ае)

 Бестрыярый — старадаўні літаратурны жанр, у межах якога паўстаюць партрэты ўсялякіх жывёлаў. У мяне адразу ўсталявалася непахісная асацыяцыя: бестрыярый — нешта хуткае (тут, безумоўна, паўплывала суседняя руская мова, з якой я выўдзіла слова “быстро”, не зважыўшы на неадпаведнасць першай галоснай. Зрэшты, асацыя на тое і асацыяцыя…). Сапраўды, гэты жанр месціцца ў форме 4-радковага (радзей 6-радковага) верша. Калі чытаць вершыкі ўслых, то атрымаюцца арыгінальныя лічылкі (толькі настойліва раю не абіраць для гэтым мэтаў вершы пра мікробаў, скарпіёна, вужакаў, кобраў ды мышэй. Не таму што я іх не люблю, але таму толькі, што сканчваюцца гэтыя вершыкі ўж больна страшна: мікробы створаныя, “каб чалавек хутчэй памёр”, скарпіён пагрозліва глядзіцьса словамі: “дык Богу аддасі душу”, а мышка існуе, каб “пакідаць у пастцы трупы”… Для лічылкі вельмі пасуе верш пра таго ж калючага, але добрага вожыка: “Дзеля чаго існуе вожык? // Ты не бяры яго ў ложак, // Ён не дае нікому спаць, // Бо не галіўся гадоў пяць”).

“З жанрам зразумела. Але хто такі Лінней? Што за піраміда такая?” — запытаюцца цікаўныя дзеці. Пятро Васючэнка, ведаючы дзяцячае “Хачу ўсё ведаць!” дае адказ і на гэтае пытанне. У слове аўтара чытаем: “Ствараючы свой бестрыярый, я кіраваўся сістэмай Карла Ліннея, гэтага педантычнага шведскага акадэміка, які ў XVIII стагоддзі падзяліў усё жывое на віды, роды, класы, засведчыў іерархію жывёлаў і раслін і спавядаў крэацыяізм — створананасць свету Богам з нічога”.

Уважлівы чытач запытаецца: “Калі Пятро Васючэнка стварыў свой бестрыярый, то, атрымліваецца, ёсьць яшчэ не ягоны бестрыярый?..” Так, ёсьць. Французскі паэт Гіём Апалінэр (“беларус па паходжанні” —, адзначае аўтар) напісаў сусветна вядома “Бестрыярый, або Картэж Арфея” (зазначу, што Арфей — персанаж старажытнагрэцкай міфалогіі, спявак і музыка), у якім таксама распавёў пра розных жывёлаў. Праўда, не абапіраючыся на піраміду Ліннея.

Пятро Васючэнка напрыканцы піраміды змяшчае чалавека. “Каб не дужа задаваўся”, — жартам тлумачыць аўтар. Ахвотна падхопліваю жартаўлівы тон выкладчыка і зьвяртаю вашую ўвагу на цікавы факт: вершык пра чалавека ідзе пасьля вершаў пра студэнтаў, паэтаў і самога сябе, аўтара кнігі. Калі бестрыярый пабудуваны па прынцыпе “ад ніжэйшых формаў існавання да вышэйшых”, атрымліваецца, што пералічаныя асобы — недачалавекі…

Не магу ўтрымацца, каб не працытаваць вершык пра паэтаў, які ў прамым сэнсе разабралі на цытаты (хаця, што там разьбіраць: 10 слоў разам з прыназоўнікамі ды злучнікамі): “Дзеля чаго жывуць паэты? // Жывуць… І дзякуй ім за гэта”. Верш пра студэнтаў не такі лаканічны і нашмат менш пазітыўны (не чытайце яго сваім дзецям, не пужайце да пары): “Навошта створаны студэнты? // Каб іх тыранілі дацэнты, // Каб іх скубалі дактары, // Каб засыхалі без пары”. Ох, не пра сябе ды не пра сваіх студэнтаў пісаў Пятро Васільевіч верш (я былая “ахвяра”, ведаю)! Падмануў, ашукаў…

“Піраміду Ліннея”, вядома ж, ня трэба ўспрымаць буквальна (ня значыць, несур’ёзна). Гэтая своесаблівая класіфікацыя створаная аўтарам дзеля адной празрыстай і зразумелай мэты: каб паказаць і дзецям, і іх падарослеўшым бацькам, што няма на сьвеце непатрэбных істотаў. Усё трэба, усё важна: кузуркі, чарвячкі, павучкі, грызуны, змеі… “…усе яны недарэмна займаюць сваё месца пад сонцам”, — сцьвярджае Пятро Васючэнка. І дадае: “У XXI стагоддзі ў сумоўі чалавека і братоў ягоных меншых павінен дзейнічаць маральны імператыў: “Не растапчы!”. І калі ў некага спыніцца нага, перш чым раздушыць свайго меншага брата ці сястру, буду лічыць, што мой бестрыярый створаны недарэмна”.

 Зробім гучнае “боўць”!

 З гэтай жа мэтай — захаваць усё жывое на зямлі — напісаў Пятро Васючэнка й казку “Каляровая затока”, што выйшла ў серыі “Казкі XXI стагоддзя”. Гэта не прастая казка, яна — экалагічная. У анатацыі пазначана: “для малодшага школьнага ўзросту”. Я, здаецца, з гэтага ўзросту даўно ўжо выйшла, але чытала з такой асалодай, што словамі не перадаць! Так што смела можна пашыраць кола чытачоў, прадубляваўшы апошні радок анатацыі “Піраміды Ліннея”: “Кніга разлічана на самага шырокага чытача”.

Дзеянне казкі адбываецца ў Каляровай Затоцы, своеасаблівым месцы, на які забылася цывілізацыя. У ёй — усяго чатыры жыхара: старая глухаватая Шчупачыха, малады гарэзьлівы Шчупачок, трусьлівы, але годны Сьлімак ды строгі і ўедлівы да занудства Вадзяны Скарпіён (альбо Вадзяны Клоп, што тое самае, ці папросу Клоп). А Каляровай Затока стала не ад мноства розкаляровых рыб ды раснастайных водарасьцяў, а з-за трубы, якую праклаў Апантаны Алхімік. Жыве ён сабе ў сваёй лабараторыі з катом Бурштынам ды пугачом, праводзіць вопыты, стварае сінтэтычную ежу ды людзей у праьірках вырошчвае, а адходы вытворчасці па трубе ў Затоку злівае. Вось і стала яна каляровая, з алейнымі плямамі на паверхні… Жывыя істоты, як вядома, да ўсяго прыстасоўваюцца. Прыставаліся да бруднай вады і нешматлікія жыхары Затокі: труба і ежу давала, і пітво, і фільмы паказвала, а малому Шчупачку — і казку на добры сон распавядала… Добра жылося ім у Затоцы: ежу здабываць ня трэба, спі сабе ды вядзі разумныя размовы.

Аднак, як тое і павінна быць у казках, спакой іх быў парушаны. За гучным “боўць!” зьявілася новая гераіня: гжэчная паненка Хахуля, якая, жывучы ў чыстай вадзе, перажыла страшную трагедыю: каровы растапталі яе норку і зьмяшалі ў бруд гаючую крынічку… Шукаючы месца для новага доміку, натрапіла Хахуля на Каляровую Затоку. Няветліва, падазрона сустрэлі няшчасную незнаёмку жыхары Затокі. Не паверылі нават, што яна — Хахуля. “Цябе, Хахуля, таксама няма. Ты вымерлаю так у “Чырвонай кнізе” напісана”, — даводзіў ёй дасьведчаны ды начытаны Клоп. Успаміны хахулі пра чыстую ваду, жоўты пясочак ды сіняе неба жыхары Затокі ўспрынялі таксама няветліва, падазрона…

Але не была б перад намі казка таленавітага казачніка Пятра Васючэнкі, калі б на гэтым прыгоды скончыліся. Усё толькі пачынаецца, як той казаў…

“Каляровая Затока” цалкам апраўдвае назву серыі “Казкі XXI стагоддзя”: тут і газеты, і інтэрнэт, і глабалізацыя, і бізнэс, і камп.ютэр… Усё тое, без чаго ня могуць абыйсьціся сучасныя дзеці. Але яны ня могуць абыйсьціся і без каляровых, прыгожых кніжак. Казка цалкам адпавядае і гэтым запатрабаваньням. Дапамагала Пятру Васільевічу ствараць казачны сьвет малады мастак Алена Кійко.

Павучальная, займальная гісторыя жыхароў Затокі, Хахулі, Чарвяка, Апантанага Рыбалова захоплівае і трымае да апошняй старонкі, да апошняй ілюстрацыі. Нашаму паглыбленю ў Затоку актыўна спрыяе аўтар: кожная з дваццаці двух гісторый сканчваецца “на самым цікавым месцы”, бы ў тым бразільскім серыяле (самы час бабулям выключыць “мыльную оперу”, узяць казку Пятра Васючэнкі і нясьпешна чытаць унукам), а пачынаецца зваротам да чытача (хацела напісаць “юнага”, але ўзгадала, што мы пашырылі ўзроставыя межы). Пятро Васючэнка прапануе ўсё рабіць разам, даючы нам магчымасьць стаць не проста сузіральнікамі дзеяньня, а яго актыўнымі ўдзельнікамі: “Давайце разам зазірнем праз яго (чароўны перыскоп — А.П.) у Каляровую Затоку”; “Чытачы, якія ўважліва сочаць за хадою нашага апавядання, адразу заспрачаюцца…”… Аўтар ня проста ўводзіць нас у аповед, але разважае разам з намі, многае тлумачыць, удакладняе, падкрэслівае. Усё гэта — з тонкім гумарам і выкшталцоным густам. Пра што гэта сьведчыць? Пра адно: аўтар клапоціцца, дбае ня толькі пра ўсё жывое на зямлі, але і пра свайго чытача, пра нас з вамі. Гэта ня можа не стварыць атмасферу поўнага даверу кожнаму слову аўтара.

І “Піраміда Ліннея”, і “Каляровая Затока” — напамін Пятра Васючэнкі пра тое, што трэба берагчы прыроду, з павагай ставіцца да ўсяго жывога. “Прачытай гэтую кнігу, дружа, і азірніся вакол сябе. У кожнай рэчцы, возеры, сажалцы, нават калюжыне ты знойдзеш безліч істотаў, якія нямарна прыйшлі на гэты свет… Думай пра гэта, дружа, і тады ты зразумееш, што важней: чалавечыя справы або лёс усяго жывога.

Усё важнае”.

Ася ПАПЛАЎСКАЯ, Дзеяслоў № 43

Tags: Ася Паплаўская, Дзеяслоў, Пятро Васючэнка, рэцэнзія
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments